— Ацані жорсткасць сённяшняга дня ад 1 да 10, — прашу мужа за вячэрай.
У меню харыра — поліўка з сачавіцы — і парацэтамол. Мы дабраліся да Феса.
— 9–9,5. Калі я яшчэ жывы, значыць, бал зверху можна дакінуць, — смяецца.
— Вось ты часта гаворыш, што я люблю драматызаваць…
— Але ж ты любіш!
— …але нават калі і люблю, падобна, мы сыходзімся, што сённяшняя дарога была за мяжой дабра і зла.
Да Феса было ўсяго 170 кіламетраў, але праз горы, у якіх ляжыць снег. І не тое што плямамі — ён шчыльна так, грунтоўна ляжыць. Дзьме вецер, і ўвесь час нешта льецца з неба, часам пачынаецца туман. Віды прыгожыя: горныя грады, кіпарысы ў снезе, макакі ў снезе — як жа я здзівілася, убачыўшы іх на пад’ездзе да Іфрана, — і мы, па пояс мокрыя і абсалютна змёрзлыя.
Як аказалася, Іфран — гэта мараканскі гарналыжны курорт, яго часам называюць маленькай Швейцарыяй. Выявіць гэта доследным шляхам зімой на матацыкле — не найлепшая ідэя. У туалеце кафэ, калі Рома пайшоў выліць ваду з чаравікаў, я пайшла выліць ваду з вачэй. Калі ўчора ў мяне былі сілы жартаваць, то цяпер іх няма. Я ўжо за мяжой адчаю — трымаюся толькі таму, што вельмі папрасіў пра гэта Рома, бо яму яшчэ нас везці. Імкнуся лішні раз не думаць пра тое, што гэта мой водпуск.
З цяжкасцю адолеўшы паўдарогі, мы нават абмяркоўвалі, ці не застацца тут начаваць, але прагноз надвор’я кажа, што заўтра будзе яшчэ горш. Нам шчыра не пашанцавала: пяць дзён запар па маршруце было дрэннае надвор’е, а чакаць мы не маглі. Суровасць мараканскага надвор’я аказалася нечаканай, бо, калі ты абмяркоўваеш маршрут з ШІ, ён ніколі не скажа: «Матацыкліст, табе пізда». Ледзь сагрэўшыся, хоць і не высахшы, мы паехалі далей.
Недзе праз гадзіну я пачала спяваць на ўсё горла — рэпертуар эмігранцкага хору SPIEVY прыйшоўся дарэчы. Апошнія тры гады ў Варшаве я ўдзельнічаю ў жаночым хоры, які спявае беларускія паганскія песні і рэпертуар якога зусім нечакана стаў часткай дарогі праз Марока. Я спяваю «Каляду», снег жа вакол, і чамусьці «Купалінку». Калі спяваеш, трэба сачыць за дыханнем, жыватом і дыяфрагмай — адцягвае ад пакут.
Рома потым сказаў, што, калі я мыкала, гэта яго падтрымлівала: з-за ветру і хуткасці слоў чуваць не было.