Я не тое што змерзла — я здранцвела ад холаду. Мы стартавалі каля 9-й раніцы і гадзіны праз паўтары спыніліся ля выпадковага кафэ, каб сагрэцца. У чаканні гарбаты я пайшла скакаць і прысядаць з відам на Атласкія горы, каб неяк аднавіць кровазварот. Мы цяпер у Даліне Руж — адным з галоўных сусветных пастаўшчыкоў ружавага масла ў свеце, у тым ліку для Dior і Chanel. Усё вакол у шыльдах кааператываў, якія здабываюць парфумерныя маслы з кветак. Каля кафэ, дзе мы спыніліся, ёсць крамачка, дзе дзеля мяне дзядуля, які ні на што не разлічваў, змахнуў пыл з кавалачкаў мыла і слоічкаў спрэяў з ружай. Цікава, які тэрмін захоўвання ў такіх тавараў?
Падарожжа на матацыкле дорыць самыя разнастайныя цялесныя адчуванні.
У першую чаргу, вядома, баліць попа. Больш за паўтары — максімум дзве гадзіны без руху правесці складана. Кожны раз, сядаючы на матацыкл, я крахчу: усё яшчэ адчуваю апошнюю трэніроўку ў спартзале, яна якраз была на ногі. Кафы з вушэй прыйшлося зняць, таму што шлем сядзіць на галаве вельмі шчыльна. Навушнік у вуха таксама складана ўставіць: па-першае, цісне, а па-другое, музыку не чуваць, калі едзеш 100 км/г і моцны вецер. Холадна не столькі ад тэмпературы, колькі ад ветру.
Сёння трэба праехаць 350 кіламетраў да Мярзугі, што на мяжы Сахары. Учора мы праехалі Высокі Атлас, які аддзяляе пустыню ад свету, а сёння едзем праз Антыатлас, больш старыя горы, якія знаходзяцца ўнутры пустыннай зоны. Гарадкі рэдкія, дамы невысокія, людзей мала, і ветлівымі яны не выглядаюць. Асноўныя колеры — пясчаны, ружовы, охравы. Асноўная расліннасць — пальмы.
Перад вачыма застылі стоп-кадры. Вось хлапчук чытае кніжку на прыпынку пасярод нідзе. Вось бачу шыльду, дзе на кучы моў, у тым ліку на рускай, напісана «тварог казіны». Вось мы заязджаем у дэпрэсіўны горад, які будуецца, дзе няма нікога, акрамя дзяцей, — потым стала зразумела, што гэта прыгарад і дарослыя ўсе на працы. Вось з’яўляюцца людзі ў турбанах — значыць, набліжаемся да пустыні. На чарговым піт-стопе ў безназоўным мястэчку абмяркоўваем, што зусім незразумела, чым тут жывуць людзі. Атмасфера нуды і вялікая колькасць пунктаў пераводу грошай з-за мяжы — усёбачны інтэрнэт пацвярджае, што многія тут жывуць за кошт пераводаў грошай ад сваякоў у Еўропе.