Лазні, вулканы, Ява

Як мы на экватары здымалі кіно
для Sauna Channel
Дзяўчана спіць на фоне басейна і гор
Гэта гісторыя пачалася ў чэрвені 2024 года ў Амстэрдаме. Я прыехала наведаць сваю сяброўку Сашу. Лета было халодным: +18°С, увесь час ішоў дождж, і мы абедзве прастылі.

Каб крыху палепшыць здароўе, у адзін дзень мы пайшлі ў лазню. Гэта была лазня ў стылі ар-нуво XIX стагоддзя: з каляровымі вітражамі, трапічнымі раслінамі ў кадках і вытанчанымі басейнамі, выкладзенымі дробнай пліткай. Прыгажосць, раскоша – і пара. 

Седзячы ў парылцы, мы абмяркоўвалі ўласна лазні.

Для мяне лазневы свет адкрыўся ў 2021 годзе пасля таго, як я ўпершыню пабывала на індывідуальным парэнні і моцна здзівілася таму, што лазня – гэта не тое, што я думала. Не абавязкова чужыя дзіўныя людзі, сколатая плітка, шэра-зялёныя сцены і пакутлівы жар, ад якога кепска. Аказалася, што гэта можа быць камфортны досвед. Аказалася, што гэта сапраўдная цялесная практыка, рытуал, які дазваляе зазямліцца, вярнуцца ў цела і з новым энтузіязмам глядзець на ўсё тыя ж абставіны жыцця.
Мая сяброўка Саша адкрыла для сябе лазневы свет прыблізна ў той жа час – яна дакументалістка і некалькі гадоў таму пачала ў якасці аднаго з праектаў здымаць для Sauna Channnel. Здымаць і парыцца, парыцца і здымаць. 

Ніколі не чулі пра такі канал? я таксама. 

Гэта задума амерыканскага філантропа, які вырашыў стварыць праект, прысвечаны таму, што ён любіць, – лазням. Дзякуючы гэтаму каманда фільммейкераў можа катацца па ўсім свеце, здымаючы цікавыя лакацыі – цікавыя з пункту гледжання гісторыі, людзей або пейзажаў. А лепш і таго, і іншага. Так аказалася, што лазневы свет не толькі існуе, гэта яшчэ і даволі цесная тусоўка людзей, знаёмых адзін з адным праз некалькі рукапацісканняў.

Грэючы попу на палічцы і спадзеючыся, што гарачыня дойдзе і да злёгку хворага горла, расказваю, што я зноў палячу на зімоўку на Балі.
— Прыязджай у госці, — кажу Сашы.
— Проста так сумнавата, – адказвае яна, – патрэбен нейкі праекцік.
— Хах, што, можа, лазні ў Інданезіі? — смяёмся абедзве.

Мантажная склейка: снежань, мы прызямляемся ў аэрапорце Джакарты, сталіцы Інданезіі, каб наступныя 10 дзён здымаць лазні, саўны і водныя рытуалы на Яве і Балі.

ЯК SAUNA CHANNEL АПЫНУЛІСЯ Ў ІНДАНЕЗІІ

Як вядома, лазні і саўны – гэта вынаходка поўначы. Яны патрэбныя там, дзе бывае холадна, і там, дзе ёсць праблема з гарачай вадой. На экватары такіх праблем няма. Затое на Балі ёсць турысты і экспаты, а на Яве – вулканы. 

Дзякуючы развітаму турызму на Балі сталі з’яўляцца шыкоўныя лазні і спа. На Яве турыстаў у разы менш, і нават у турыстычных лакацыях і пры гатэлях спа-комплексы ці адсутнічаюць, ці нецікавыя. Таму на Яве мы здымаем тое, што падарыла маці-прырода: гарачыя крыніцы і натуральныя басейны, утвораныя за кошт вулканічнай прыроды вострава. 

Да снежня за плячыма два месяцы прэпрадакшэна, у тым ліку пошукі фіксера – цяпер у нас ёсць найпрыемнейшы гід Дыдот. На Яве за межамі турыстычных сцежак не гавораць па-англійску, плюс гэта зусім іншая, мусульманская, культура, і потым, знайсці добрага фіксера – палова поспеху праекта. У нас ёсць спіс лакацый: тут мы шукалі самі з дапамогай інтэрнэту, AI і Google Maps.

І, барабанны дроб, у нас нават нарэшце ёсць дзве гераіні! У рамках праекта ўсе лакацыі паказваюцца праз прызму герояў, якія разам з камандай вывучаюць лазні ці саўны і расказваюць пра свае ўражанні. Дыстанцыйна вызначыць яванцаў ці яванак, якія добра размаўляюць па-англійску, спакойна трымаюцца перад камерай і не супраць быць у кадры ў купальніках, – задача з трыма зорачкамі. Пасля дзясяткаў званкоў мы спыняемся на дзвюх маладых дзяўчынах з выдатнай амерыканскай англійскай. Яны студэнткі ўніверсітэта ў буйным горадзе і модныя інфлюенсеркі, так што перад камерай ім быць не ўпершыню.

За тыдзень да пачатку здымак мы сустракаемся з Сашай на Балі. Саша – рэжысёрка і аператарка, я прадзюсерка і сястра-гаспадыня, якая адказвае за бюджэт і дамоўленасці. Мы едзем на Яву ў разгар сезона дажджоў – задума сумнеўная, пра што перыядычна ветліва нагадвае наш фіксер, але іншага варыянта па часе ў нас няма. 

Усе 10 дзён мы будзем перамяшчацца, таму воданепранікальныя заплечнікі трэба спакаваць кампактна. На кожную па два рукзакі: паўтара з іх у кожнай занятыя тэхнікай, і яшчэ палова на касметычку, купальнік і адну змену адзення. Я лячу ў шортах і кашулі аранжавага колеру з дробным прынтам і бяру з сабой адну сукенку. 

Пра свой выбар адзення я яшчэ не раз пашкадую.
Мы едзем на Яву ў разгар сезона дажджоў – задума сумнеўная, пра што перыядычна ветліва нагадвае наш фіксер, але іншага варыянта па часе ў нас няма. 
Унучка і дзядуля трымаюцца за рукі
Я асабліва чакаю сустрэчы з Явай, бо мяне з ёю звязвае дзіўная сямейная гісторыя. 

У 1968 годзе на Яве амаль год жыў мой дзядуля Лёня.

Ён нарадзіўся ў Гомельскай вобласці, падчас вайны страціў бацькоў, адвучыўся на марака, а пасля дэмбеля – на інжынера-электрыка і ўсё жыццё ім прапрацаваў на адным з мінскіх заводаў. Паколькі дзед быў сіратой, а значыць, не ўзнікала пытанняў ідэалагічнага характару да яго сваякоў, ён стаў ідэальным кандыдатам для працоўных камандзіровак. Членам партыі, дарэчы, ён пры гэтым не быў.

Карацей, у глухія савецкія часы дзед знатна павандраваў: ён дапамагаў будаваць Асуанскую плаціну ў Егіпце, тусаваўся ў Англіі і дзевяць месяцаў – у Джакарце і наваколлях. Ён дапамагаў наладжваць трансфарматарныя падстанцыі і вучыў мясцовых з імі абыходзіцца. З Інданезіі дзядуля прывёз кучу артэфактаў, у прыватнасці залаты пярсцёнак з нерэальных памераў рубінам. Гэты пярсцёнак заўсёды ездзіць са мной у Інданезію. Навошта, сказаць не магу, але так трэба.

Можа, таму я ўжо тры разы была на Балі і вось першы – на Яве.
Чытаць яшчэ
Здымачныя дні ў дарозе
Выходныя ў Джокьякарце і пасляслоўе

Спадабался гісторыя?

Буду ўдзячная за падтрымку. Грошы пойдуць на паліва — каву, — і аплату сайта.
Малюнак мока кававаркі
Малюнак лыжкі
Малюнак філіжанкі з кавай