Кайф

Пра самае галоўнае ў падарожжах
Я не ведаю, для чаго людзі падарожнічаюць. Зразумела — «новыя ўражанні». Не зразумела, як арганізаванае спажыванне іншага ў розных чалавечых арганізмах. Вакзал, самалёт, мора, горы, ежа, напоі, крамы, гатэлі, кавярні, рэстараны, помнікі, музеі, святы, людзі, паці, вяртанне… Ад чаго валацугі атрымліваюць кайф? Што такое «ўдалая вандроўка» ў кожным асобным выпадку?

Я доўгі час вызначалася з тым, чым ёсць мой уласны наркотык. Мне падабаюцца прыгожыя будынкі, аднак веданне назвы стылю і года пабудовы не прымушае маё сэрца біцца. Я люблю смачна паесці, але звычайна любую страву з'ядаю за 10 хвілін. Я люблю разглядаць карціны — але праз паўгадзіны ў музеі пачынае зацякаць шыя і наступае перанасычэнне прыгожым. Рэчы — гэта кул, аднак эндарфінаў ад валодання новай кніжкай ці шмоткай мне хапае на некалькі секунд.

Калі б у мяне было хобі, калі б я была скейтарам, фатографам, клептаманкай або німфаманкай, — я ведала б, як асвойваць новую тэрыторыю. Інакш, калі я трапляю адна ў новы горад і пачынаю блукаць, мяне ахоплівае салодкае і тужлівае пачуццё — мне добра, але трохі няёмка. Як быццам прагульваеш у школе заняткі. Бо квінтэсэнцыя майго ўласнага задавальнення — глядзець. Сачыць, вытарашчвацца, падглядваць — за жыццём іншых.

Менавіта таму часам складана растлумачыць некаторым суразмоўцам, чаму ты не заязджаў паглядзець «на штосьці». Бо тое, як кучаравілася барада ў індуса-сікха на безыменнай запраўцы, або колер лассі, якімі гандлююць каля аўтобусных прыпынкаў у Куала-Лумпуры, — інфа нашмат больш цікавая.

Карацей, дарога — гэта сустрэчы. Нават калі гэта сустрэча з бізонам. Пра гэта добра ведаюць аўтаспыншчыкі. Часцяком сустрэча здараецца, калі ў цябе няма грошай, і будучыня выглядае цьмянай. Табе прыходзіцца пытаць — пра начлег, бензін, ежу, і такім чынам ты можаш атрымаць запрашэнне ўвайсці на нейкі час у чыёсьці жыццё.

Як кажа адна мая знаёмая, падарожнічаць можна дзеля ўражанняў або дзеля вопыту. Дзеля ўражанняў - гэта калі ты плануеш застацца сабой, але хочаш атрымаць порцыю навізны і перажыванняў для таго, каб успамінаць і ўсміхацца. А падарожжа па вопыт — гэта паехаць, каб перарадзіцца, і пофіг, як і дзе. Набыць тое, чаго не знайсці паблізу. Бо суразмоўцаў у дарозе не выбіраюць.

Калі б я была скейтарам, фатографам, клептаманкай або німфаманкай, — я ведала б, як асвойваць новую тэрыторыю
Аднойчы недзе ў Тайландзе мы папрасіліся на начлег у бедны будысцкі храм. Нам кіўнулі і паказалі на бетонны памост у прахалодным пакоі. Прачнуўшыся пад цікаўны гул манахаў, мы ўбачылі побач з памостам у пластыкавым крэсле абсалютна лысага і нібы глянцавага айца-настаяцеля. Раптам добры яшчур пачаў размаўляць на ўзорнай брытанскай англійскай – па ступені імавернасці гэта як менскі міліцыянт, што абмяркоўвае творчасць Кнута Гамсуна з хакейным фанатам з Нарвегіі.

Высветлілася, што манах у часы бурнай рэлігійнай маладосці шмат ездзіў па ЗША і Аўстраліі, прасоўваючы будызм і будуючы цэнтры па медытацыі. «Беларусь? Так, ведаю! Ваш баксёр Гуркоў нашага неяк пабіў», – пасміхаючыся, каментаваў манах. Накарміўшы нас сняданкам, ён прапанаваў зганяць з ім на тайскае пахаванне. У будыстаў гэта не трагедыя, а паці – на пахаванні нябожчыку дораць вентылятары і ўсіх смачна кормяць. Пасля манах падкінуў нас да наступнага горада і пазычыў грошай у дарогу.

У мяне засталася паперка, на якой тайская пенсіянерка, якую мы сустрэлі на памінках, пакінула свой адрас і нумар тэлефона. «На ўсялякі выпадак». На жаль, я нават назвы горада не памятаю.

Аднойчы мы затрымаліся ў Канадзе з таблічкай «gas needed» на запраўцы каля трасы пасярод натуральнага nowhere. Настрой у нас быў рамантычны і задуменны. Ішоў першы касы сняжок і адразу раставаў, неонавыя шыльды загадкава міргалі – у такое надвор'е добра піць віскі са старымі баявымі сябрамі.

Аднак цётка-запраўшчыца вызвала на нас канадскіх мянтоў. Высакародны і румяны паліцэйскі ўважліва выслухаў нашу гісторыю, доўга правяраў дакументы – і ўрэшце заліў нам бак на ўласныя грошы.

Гісторыя, аднак, не пра гэта.

У будынку запраўкі быў лікёр-стор, і ў нейкі момант п'янаваты і бялёсы ўладальнік выйшаў папрасаваць нам мазгі. Хутка да бацькі падышла дачка.

Дзяўчынцы на выгляд было гадоў 17, высокая, валасы цяжкія, медна-рудыя з адлівам, вочы блакітныя і скура ў рабацінні. Апранутая яна была ў пацёртую кашулю і танныя джынсы. Яна тупіла вочы ў падлогу і тэлефон, моўчкі кантралюючы бацьку. Потым адвяла яго ў памяшканне і пачала прыбіраць свежы снег велізарнай лапатай. Падчас размовы сам-насам усмешлівая дзяўчынка паспела двойчы папрасіць прабачэння за бацьку. Калі цудоўная дачка і запраўка знікалі ў заднім акне нашага додж-каравана, я паспела загадаць, каб яна не зрабіла памылак, якія робяць добрыя дзяўчынкі ў раманах Франзэна.

Аднойчы мы спыніліся каля разбуранага гатэля з відам на велічныя горы і бэкграўндам у выглядзе хвойнага лесу. Я швэндалася па закінутых пакоях з падпаленымі крэсламі і раптам пачула галасы. Высветлілася, што ў гатэлі жыве Валлі. Вальдэмар – паляк са славянскім акцэнтам а-ля гогальбардэлла, які сябруе з вавёркай, жыве ў маленечкай капцёрачцы з печкай, якая жудасна дыміць, і пануе над светам.

Вальдэмар бесперапынна гаварыў гадзіны тры, мружачыся на сонейка і раз-пораз збіваючыся на польскую. Каралева Элізабэт прымала ванны ў яго роднай вёсцы, «украінец Вайтыла» прымаў ад яго пострыг, а Пуцін і Абама былі яго «годнымі хлопчыкамі». З ускосных прыкметаў і фразаў высветлілася, што Валлі быў ваенным у Польшчы, а калі пачаўся рух «Салідарнасць» – зваліў у Канаду, адпрацаваў 20 з гакам гадоў у краме рабочым, і на пенсіі шчасліва і ціха страціў дом і розум. На змярканні мы пакінулі шчарбатага добрага Валлі, чалавека з бурным лёсам і вялікай колькасцю сустрэч у жыцці – маляваць карты зорнага неба ў паветры і прымаць сігналы ад інкаў.

Лістапад 2013