Хутка дэмбель

Пра тое, як сустрэць старасць у ціхім эквадорскім гатэлі
Апошнія два месяцы мы грэем косткі на эквадорскім узбярэжжы Ціхага акіяна. Маленькая гасцініца, у якой мы працуем, належыць эксцэнтрычнай амерыканцы на пенсіі. Дом поўны сабак, котак і пажылых экспатаў. Гэтае месца — перавалачны пункт для тых, хто пражыў шчаслівае працоўнае жыццё ў ЗША або Канадзе і нарэшце прыехаў шукаць сабе ціхі домік на беразе акіяна.

Калі старасць — гэта вынік жыцця, то тут ідэальны пункт назірання за фіналам усёй гісторыі. Тут можна ў дэталях разгледзець, якім чынам, паводле Букоўскі, «old dogs approaching the sun». Як па-рознаму ўсе крочаць, гарцуючы або спатыкаючыся.

Ёсць тыя, для каго пасля шасцідзесяці ўсё толькі пачынаецца. Гаспадыня месца — 70-гадовая жыццярадасная дама, якая заўсёды носіць лёгкі макіяж і рознакаляровыя штонікі. Яна пераехала ў Эквадор дзесяць гадоў таму, выкупіла зямлю, пабудавала гатэль і зрабілася галоўнай крыніцай інфармацыі для ўсёй акругі. Яна ведае, што ў яе ўзросце ўсё ўжо сыходзіць з рук, і відавочна атрымлівае ад гэтага асалоду. Яна сядзіць, адной рукой пагладжваючы самага тлустага і злоснага ката, у іншай трымаючы марозіва. У сумачцы ў яе пісталет па мянушцы Молі, а машынай яна кіруе так, быццам наперадзе яшчэ тры жыцці. Да гэтага на радзіме гаспадыня доўгія гады даглядала цяжка хворых мужа ды маці і, не зразумейце няправільна, пра іх страту ўспамінае з некаторай палёгкай.

Ёсць тыя, для каго старасць — проста яшчэ адзін жыццёвы этап, няхай і з большай колькасцю маршчын. Менеджарцы гатэля 58 гадоў, яна далікатная, бадзёрая, з цыгарэтай наперавес, кожны дзень яна чакае на тэлефанаванне ад мужа — аднавокага шахцёра-байкера з Юкана. Яны разам ужо 30 гадоў. «Ведаеш што? У мяне да гэтага часу дрыжыкі па ўсім целе, калі я пра яго думаю», — летуценным тонам закаханай маладзіцы распавядае мне яна. У яе апавяданнях не чуваць шкадавання пра страчаны час, але ёсць спакойнае чаканне заслужанага шчасця наперадзе.

Ёсць тыя, хто старасці вельмі чакаў - як свабоды. Свабоды ад працы і абавязкаў, як часу, што належыць табе аднаму. Такія людзі ўсё жыццё рыхтавалі плаўны пераход у Эдэм нябесны — з раю на Зямлі, заслужанага потам і крывёю. Але вось бяда: вольны час не падлягае растэрміноўцы і не назапашваецца на асабістым рахунку — аднойчы ён можа ўжо не спатрэбіцца. «Калі мы жылі ў Канадзе, увесь наш час сыходзіў на працу і шопінг, працу і шопінг. Мы так марылі нарэшце пачаць жыць для сябе!» — з французскім акцэнтам распавядае адна жонка. Яе муж згодна ківае галавой, пацвярджаючы, што шчасце нарэшце здарылася, і ідзе гатаваць абед. Жонка абнуляе вынік у «шарыках» і налівае сабе яшчэ віна. Дзень за днём карціна не змяняецца — муж гатуе ежу, жонка падлівае сабе яшчэ віна. Праз тыдзень час віна пачынаецца крыху пазней за сняданак, а тэмы для размовы ідуць па трэцім коле.

У мяне да гэтага часу дрыжыкі па ўсім целе, калі я пра яго думаю
Ёсць тыя, каго ўсведамленне ўласнага ўзросту нагнала раптам — і моцна напалохала. Такія вырашылі: галоўнае не звяртаць увагу на адлюстраванне ў люстэрку і паводзіць сябе як ні ў чым не бывала. Таму з'явіўся легіён тых, хто любіць цалаваць юных, цэлячы ў вусны. Жывёльны страх перад непазбежным аддае перагарам і праз стойку просіць у мяне яшчэ піва і ўхвалы. За іх спінамі эквадорскія сяброўкі весела абмяркоўваюць сваіх «сапраўдных» бойфрэндаў - дэманструючы юныя моцныя рукі.

Падобна на тое, што старасць — гэта калі ты раптам разумееш: усё, фінішная лінія. Можна пачынаць зваротны адлік. Тэмп запавольваецца, ночы становяцца карацейшымі, за целам застаецца толькі што назіраць. Самае галоўнае кіно цяпер у галаве — падзеі ўсяго былога жыцця.

Назіраючы за тымі, для каго час хутка скончыцца, мне даводзіцца разбірацца з уласнымі адносінамі з гадзіннікамі. Многія, мне здаецца, спяшаюцца. Мне так здаецца таму, што я сама — спяшаюся. Запланаванае не адбываецца, выпадковае ўспрымаецца як абавязковае, праект сябе вечна не супадае з сабой рэальным.

Час не падлягае храналогіі, дзяленне на гады, тыдні і дні, як па мне, прыдумалі бухгалтары і турэмшчыкі. Час — гэта тэмп і рытм, ён то віхура, то балота, дзень як тыдзень, гадзіна як хвіліна. Часам з ім даводзіцца змагацца, выдзіраючы з кругазвароту побыту, абавязкаў і падзей. Часам — лавіць хвалю і аддавацца плыні. Дні нараджэння пры такім раскладзе — нібы верставыя слупы ў завіруху, калі не відаць нічога: нагода спыніцца, азірнуцца, ацаніць зробленае, успомніць пра жаданае — і пачаць зноўку. Раз-пораз — спыніся і пачні, спыніся і пачні. Мабыць, кожны раз — крыху павольней. У гэтым гатэлі «сонца на сконе» я ўздыхаю з палёгкай — можна больш не спяшацца. Вынік як ён ёсць — заўсёды прыгожы, і да галоўнага, вялікага фіналу паспеюць усе.

Жнівень 2014